Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Стандартны
Павялічаны
Вялікі
Каляровая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Верхнядзвінскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Сацыяльная сфера / Духоўнасць

Духоўнасць

Духоўнасць

У Верхнядзвінскім раёне дзейнічае 20 рэлігійных абшчын, якія прадстаўляюць 3 канфесіі, у тым ліку 9 праваслаўных, 7 рымска-каталіцкіх, 3 - христиан веры евангельскай і 1 - евангельскіх хрысціян баптыстаў. З 18 наяўных культавых будынкаў, 5 - з'яўляюцца помнікамі архітэктуры і ахоўваюцца дзяржавай.

Дзейнічаюць 2 нядзельныя школы пры праваслаўных храмах у г. Верхнядзвінск і н.п. Бароўка, адна нядзельная школа пры касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў г. Верхнядзвінск, а таксама 4 - пры малітоўных дамах хрысціянаў веры евангельскай у г. Верхнядзвінск і г.п.Асвея.

У раёне праходзяць «Калядныя фестывалі», удзел у якіх прымаюць прадстаўнікі розных канфесій.

У перыяд Калядных і навагодніх святаў праводзяцца дабрачынныя акцыі з удзелам кіраўнікоў аддзелаў і службаў райвыканкама, арганізацый і прадпрыемстваў, грамадскіх аб'яднанняў, святароў.

З кожным годам усё большай папулярнасцю сярод жыхароў раёна карыстаюцца вадохрышчанскія купанні ў Іарданіі, якія арганізуюцца на вадаёме г. Верхнядзвінска.

Святары прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні раённых свят. Традыцыйным стала запрашэнне праваслаўных і каталіцкіх святароў (як прадстаўнікоў найбольш шматлікіх канфесій у раёне) на сельскагаспадарчыя святы: «Засеўкi», «Зажынкі», «Дажынкі», дні работнікаў сельскагаспадарчай і перапрацоўчай галіны і інш.

Традыцыйным стала правядзенне 8 ліпеня ў аграгарадку Сар'я Верхнядзвінскага раёна «Дня сям'і, любові і вернасці». Наведаць Свята-Успенскую царкву і дакрануцца да скульптуры Святых Пятра і Фяўроніі, а таксама атрымаць благаславенне арцыбіскупа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія імкнуцца маладыя сем'і, паломнікі Верхнядзвінскага раёна і благачынны Полацкай епархіі.

Двойчы ў год (у лютым і жніўні) праходзяць дні памяці расіцкіх ксяндзоў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, якія кананізаваны каталіцкай царквой за подзвіг у імя веры. У гады Вялікай Айчыннай вайны яны прынялі пакутніцкую смерць разам са сваімі прыхаджанамі, хоць фашысты прапаноўвалі ім захаваць жыццё. Паломнікі з Беларусі, блізкага і далёкага замежжа накіроўваюцца ў Расіцкі касцёл Святой Тройцы, каб ушанаваць памяць пакутнікаў.

У раённым выканаўчым камітэце праводзяцца сустрэчы са святарамі раёна і кіраўнікамі рэлігійных суполак, на якіх абмяркоўваюцца пытанні сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў раёне, захавання нормаў рэлігійнага заканадаўства, праблемы барацьбы са злачыннасцю, п'янствам, пажарнай і дэмаграфічнай бяспекай, іншыя пытанні.

* * *

Юбілей, які сведчыць аб неўміручасці веры (Верхнядзвінскаму касцёлу – 210 гадоў)

Нямнога знойдзецца на нашай зямлі будынкаў і суполак, якія маюць такую багатую гісторыю. За гэты час неаднойчы знікалі або перамяняліся не тое што арганізацыі ці тэрыторыі, а фармацыі і эпохі. Касцёл жа застаецца нязменным апалагетам веры, які і стагоддзі назад, і сёння збірае людзей у адзіным памкненні да Бога.

Святкаванне адметнай даты Верхнядзвінскага касцёла адбывалася на працягу трох дзён. У пятніцу вернікі сабраліся ў святыні на споведзь і святую Імшу, на наступны дзень праводзілі юбілейныя ўрачыстасці, а ў нядзелю адзначалі парафіяльнае свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, імя якой носіць касцёл.


Урачыстасць пачалася з асобай падзеі – асвячэння Паклоннага крыжа ў мікрараёне. Велічны крыж узведзены напярэдадні юбілею стараннямі пробашча касцёла Аляксандра Грыцкевіча на ахвяраванні вернікаў. Цяпер усе, хто праходзіць ці праязджае каля Паклоннага крыжа, могуць звярнуцца да Бога са сваімі праблемамі і просьбамі. Крыж сведчыць, што гэта зямля – благаславёная, а людзі, якія жывуць тут, знаходзяцца пад аховай Бога.

Храм сустракаў гасцей яркімі фарбамі кветак і ўпрыгожванняў, якія зіхацелі пад промнямі незвычайна цёплага вераснёўскага дня. Заўсёды дагледжаны і ўтульны, да свята касцёл быў асабліва падрыхтаваны і прыбраны, аздоблены цудоўнымі кампазіцыямі з кветак. Напярэдадні праведзены неабходныя рамонтныя работы, добраўпарадкавана тэрыторыя, аформлены выставы.


Нават цяжка было паверыць, што яшчэ 30 гадоў назад на гэтым месцы знаходзіўся занядбаны будынак, дзе размяшчаўся гаспадарчы склад. Але аб нялёгкіх часах, якія перажывала святыня ў сваёй гісторыі, нагадвалі банеры, зробленыя са старых фотаздымкаў і змешчаныя на касцёльнай агароджы. Напаўразбураны будынак, здавалася б, зусім не падобны да сённяшняга прыгожага касцёла, аднак так ён выглядаў у складаныя перыяды свайго жыцця.

Верхнядзвінскі храм раздзяліў лёс многіх святыняў Беларусі, разбураных у часы ліхалецця. Але не былі зруйнаваны храмы душаў, у якіх жыла вера і перадавалася з пакалення ў пакаленне. Менавіта вернасць Богу, хрысціянскім традыцыям, сіла малітвы нашых продкаў дазволілі захаваць веру на роднай зямлі.

Сёння парафія на чале з яе пастырам умацоўвае касцёльную супольнасць, выхоўвае моладзь на традыцыях веры, прыўносіць у духоўнае выхаванне новыя практыкі. Прыйшоў час, калі можна смела вызнаваць Хрыста, калі рэлігійнае выхаванне стала нормай. Але клопат за стан духоўнасці не меншае. Мы жывём у свеце, дзе становяцца папулярнымі негатыўныя тэндэнцыі, распаўсюджваюцца чужародныя хрысціянству выявы, парушаюцца многія маральныя ўстоі. У такіх абставінах касцёл павінен адстойваць правільныя нормы і прынцыпы, прапаведаваць сапраўдныя каштоўнасці, заснаваныя на падмурку веры.


На ўрачыстасці былі ўшанаваны людзі, якія стаялі ля вытокаў адраджэння касцёла, былі тымі светачамі веры, якія захавалі яе для наступных пакаленняў і сёння старанна працуюць на карысць парафіі. Пробашч касцёла Аляксандр Грыцкевіч уручыў узнагароды прыхаджанам Станіславе Абрамовіч, Кліменцію Савуцю, Пятру Марозу, Ірыне Рабцэвіч, Алене Макеенак, Вандзе Тумашэвіч, Анне Рудлеўскай, Антаніне Курэц. Падчас урачыстасці быў асвечаны абраз Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, апякункі касцёла, які заняў пачэснае месца ў святыні.

З юбілеем гаспадароў і гасцей касцёла павіншавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Козел. Яна падзякавала каталіцкаму прыходу за працу па духоўнаму выхаванню людзей і станоўчы маральны ўплыў на грамадства.

У нядзелю вернікі адзначылі парафіяльнае свята Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі і павіншавалі свайго пробашча з 10-годдзем святарскай службы. Па традыцыі было асвечана збожжа новага ўраджаю.

Святкаванні былі ўпрыгожаны канцэртам групы “Laudans” і завяршыліся агульным пачастункам.